ЯДРО́ ЗЯМЛІ́,
цэнтральная геасфера Зямлі. Існаванне яе ўстаноўлена ням. сейсмолагам Э.Віхертам у 1897. Глыбіня залягання (2900 км) вызначана ў 1910 амер. геафізікам Б.Гутэнбергам. Паводле запісаў пругкіх ваганняў, выкліканых глыбокімі землетрасеннямі, верхняя мяжа ядра зафіксавана на глыб. 2870—2920 км. На ёй папярочныя сейсмічныя хвалі затухаюць, а падоўжныя рэзка памяншаюцца (у 1,7 разу). Я.З. падзяляецца на ўнутр. эфектыўна цвёрдае ядро радыусам 1200—1250 км і вонкавае эфектыўна вадкае ядро таўшчынёй каля 1900 км, падзеленыя прамежкавым ядром або пераходнай зонай таўшчынёй 300—400 км. Шчыльн. рэчыва ў цэнтры Зямлі каля 13—14 г/см³, на ніжняй мяжы вонкавага ядра 11,4—12,3 г/см³, а на мяжы «ядро — мантыя» — 9,5—10,1 г/см³. Маса Я.З. роўная (1.85—1,91)∙1027 г і складае 31—32% ад масы Зямлі. Сярэдняя дынамічная вязкасць рэчыва ядра каля 0,4 П. Такі параметр сведчыць аб перагрэве ядра і нізкай тэмпературы плаўлення рэчыва. Тэарэт. і эксперым. даследаванні (ударнае сцісканне металаў і іх аксідаў) уласцівасцей хім. сувязей жалеза пры высокіх цісках, а таксама даныя шчыльнасці рэчыва, хуткасцей праходжання сейсмічных хваль праз ядро, пашырэння хім. элементаў у Сонечнай сістэме дазваляюць сцвярджаць, што ў хім. саставе рэчыва Я.З. каля 90% жалеза і 10% лёгкіх дабавак (сера, кісларод). Вонкавае ядро складзена з аксіду жалеза (I)Fe2O, унутранае — з жалеза-нікелевага сплаву Fe0,9∙Ni0,1, прамежкавы слой — сульфідны.
Фігура паверхні ядра нераўнамерна адхіляецца ад фігуры эліпсоіда вярчэння ад -4 км да +6 км. пры гэтым для тэр. Беларусі адхіленне складае прыкладна +2 км, Выяўленыя няроўнасці на паверхні ядра ўяўляюць сабой карані ўзыходных і сыходных канвектыўных патокаў у ніжняй мантыі Зямлі. У тэарэтычнай геафізіцы існуе меркаванне, што канвекцыя рэчыва ў вонкавым ядры ўзбуджае асн. магнітнае поле Зямлі, а перамяшчэнні ўнутр. ядра адносна вонкавага складаюць векавыя варыяцыі геамагн. поля. Пра паходжанне Я.З. мяркуюць, што яно ўтварылася шляхам гравітацыйнай дыферэнцыяцыі першаснай Зямлі ў перыяд яе росту або пазней (В.М.Гольдшміт, 1922) ці жалезнае ядро ўзнікла яшчэ ў протапланетным воблаку (ням. вучоны А.Эйкен, 1944). Гл. таксама Зямля, Касмагонія, Касмалогія.
Г.І.Каратаеў.
т. 18, кн. 1, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)